ФО́РМУЛЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,

формулы для абазначэння саставу і структуры малекул з дапамогай знакаў хімічных (хім. сімвалаў) і лічбавых індэксаў. Колькасць атамаў у малекуле пішуць у падрадковым індэксе справа ад сімвала элемента (адзінку апускаюць), напр., H2O.

Вылучаюць Ф.х. эмпірычныя (паказваюць прасцейшыя колькасныя суадносіны паміж элементамі), малекулярныя (колькасць атамаў, якія ўваходзяць у малекулу гэтага злучэння), рацыянальныя (пры абазначэнні вылучаюць функцыян. групы) і структурныя (характарызуюць размяшчэнне атамаў, парадак сувязі і валентнасць кожнага атама ў малекуле). Напр., для воцатнай к-ты эмпірычная Ф.х. CH2O, малекулярная — C2H4O2, рацыянальная — CH3COOH, структурная — .

З дапамогай Ф.х. кадзіруюць хім. злучэнні, складаюць даведнікі і інш. Гл. таксама Наменклатура хімічная.

т. 16, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)